Народнае паданне таксама расказвае яшчэ пра аднаго святога, які тут пахаваны. Яго звалі Марцін. Гэта быў стары кухар тураўскіх епіскапаў. Ен цяжка захварэў, і боль яго быў невыносны. Марцін ляжаў у сваёй келлі і “сльзно молился”, просячы ў Бога смерці. І ў гэты момант да яго з‘явіліся святыя Барыс і Глеб, якія накармілі яго хлебам і напаілі вадою , якую зачарпнулі з калодзежа , які раней быў выкапаны Марцінам на ўскрайку могілак. Пасля чаго здарыўся цуд – хвароба адступіла. А вада ў калодзежы тым, раней нясмачная і жоўтая, бо побач было балота, стала чыстай, крынічнай. І калі яе хвораму падаваў сам Марцін – той адчуваў палёгку і здаравеў. У 2003 годзе на Барысаглебскіх могілках знойдзены Марцінаў калодзеж, і, як бачыце, дзякуючы старанням вернікаў, набывае другое жыццё…
Перад смерцю Марцін Тураўскі сказаў :”І магілу маю згубіце, але я праз вякі пакажу вам, дзе ляжу і служыць буду …” І раптам , напрыканцы ХХ стагоддзя, на Барысаглебскіх могілках пачаў “расці” крыж. Ён паступова выходзіць з зямлі і – дзіва! – вылучае ўнутранае цяпло . За некалькі гадоў ён “падрос” на 10 сантыметраў і адразу стаў месцам, да якога пайшлі паломнікі – людзі вераць у яго цудадзейную сілу і дапамогу ад хвороб . Яго нечаканае з’яўленне цвёрда звязваюць з іменем Марціна, у тое, што святы выканаў сваё абяцанне .