І напрыканцы нашай экскурсіі некалькі слоў пра жамчужыну нашага горада – Храм святых Лаўрэнція і Паўла. Навукоўцы сцвярджаюць, што Тураўскі храм, што стаяў у 12 стагоддзі на Замкавай гары, быў духоўным цэнтрам Тураўскай зямлі і з’яўляўся самым буйным манументальным збудаваннем на тэрыторыі заходніх зямель старажытнай Русі: меў даўжыню 29, 3 метры і шырыню – 17, 9 метраў.
Але, на жаль, праіснаваў храм нядоўга. 3 мая 1230 года адбыўся моцны землятрус у Карпатах, рэшткі якога дайшлі і да Турава. У выніку храм быў разбураны.
Фундамент і рэшткі сцен святыні мы бачылі ў музеі “Скрыпта” на Замкавай гары, які быў створаны для захавання славутасці і пачаў дзейнічаць у 2005 годзе.
А 5 лістапада 2009 года Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсея Русі Кірыл благаславіў будаўніцтва кафедральнага сабора ў горадзе Тураў.
З цікавасцю назіралі мы, жыхары горада, за будаўніцтвам святыні. Кожная падзея, а іх было нямала, станавілася сапраўдным святам для тураўчан і гасцей горада. Храм рос літаральна на вачах. Людзей здзіўляла, што сцены павялічваліся на два метры кожны дзень, дзякуючы намаганням будаўнікоў, якія працавалі з 6-7 гадзін ранку і да позняй ночы. Да нас прыязджалі майстры са Славакіі, Расіі, Украіны. Такім чынам, храм быў узведзены “з нуля” за тры гады. Ён стаў сапраўдным упрыгожваннем Турава, аб’ектам турыстычнай цікавасці, яго з задавальненнем наведваюць мясцовыя жыхары, шматлікія турысты, паломнікі і вернікі. Праваслаўныя гарады заўсёды ўпрыгожвалі водбліскі залатых купалоў, а галоўным сведчаннем высокага ўзроўню культуры з’яўляецца ўзвядзенне манументальных пабудоў. Мы спадзяёмся, што будаўніцтва Сабора – гэта першы крок да адраджэння былой велічы і славы нашага горада.
Пра гэты храм яшчэ няма цікавых гісторый, але, думаю, яны не заставяць сябе доўга чакаць.