Паданні сведчаць, што крыжоў было каля 12. Ці то яны былі межавымі знакамі княства, ці то язычніцкімі ідаламі. Пасля гібелі князя Тура і яго сыноў гэтыя крыжы нібы прыплылі ў Тураў з Кіева супраць плыні па Дняпры і па Прыпяці адразу пасля хрышчэння Русі. Яны (крыжы), паводле падання, былі пакліканыя выявіць моц Божую для паганцаў . Менавіта таму ў Кіеве яны былі кінуты ў Дняпро. І цуд адбыўся! Цяжкія валуны паплылі супраць плыні, адорваючы тыя месцы, куды яны траплялі, асаблівай Божай ласкай.
Адзін спыніўся каля вёскі Пагост і дагэтуль захоўваецца ў Крыжаўздзвіжанскай царкве і носіць назву Чэсны крыж. Яшчэ адзін крыж даплыў да Верасніцы. Два другіх, якія плылі побач, нібы ўзяўшыся за рукі (у народзе іх называюць “бацька” і “маці”), спыніліся каля тураўскай гарадской прыстані. Усе каля двух метраў у вышыню. І ўсюды, калі іх выцягвалі з ракі, вада рабілася колеру крыві.
Тураўцы вынеслі на бераг дзіўную знаходку і ўстанавілі крыжы недалёка ад таго месца, дзе вылавілі з вады. Да 30-х гг 20 ст яны стаялі на беразе ракі, на адкрытым месцы. З цягам часу да крыжоў сталі прыходзіць з малітвай, прашэннем, падарункамі. Людзі ўпрыгожвалі іх стужкамі, вешалі лампадкі, прыносілі манеткі і інш. паднашэнні. Да крыжоў ішлі вернікі, асабліва на Уздзвіжанне. Але змяніўся час, змянілася ўлада, і крыжы было загадана знішчыць. Частку крыжоў закапалі, частку ўтапілі, а іншыя зніклі невядома дзе. Але праз гады крыжы сталі зноў з’яўляцца на Тураўскай зямлі. Першымі ўсплылі два вялікія крыжы каля вёскі Чэрнічы. Але жанчыны, якія мылі бялізну на беразе Прыпяці, паспяшаліся спіхнуць іх зноў у ваду. Яны падумалі, што гэта павадак змыў магільныя крыжы, а такі знак прарочыў няшчасці ўсёй вёсцы. Тады крыжы паплылі далей уверх па рацэ, паўтараючы старажытны цуд. Іх вылавілі мужчыны ўжо ў Тураве. Прычым, спатрэбілася сіла не аднаго чалавека, тамушто крыжы былі вышэй чалавечага росту і надта важкімі. Мясцовыя ўлады загадалі разбіць крыжы на дробныя часткі і затапіць, але ніхто не рашыўся на такі ўчынак, пабаяўшыся кары божай, і крыжы проста прыхавалі каля царквы. Калі насталі спрыяльныя часы, крыжы перанеслі ў царкву. Адзін з іх і цяпер захоўваецца ва Ўсясвяцкай тураўскай драўлянай царкве, другі ўстаноўлены каля новага, нядаўна пабудаванага сабора.
Чацвёрты крыж быў знойдзены селянінам Іванам каля Барысаглебскіх могілак у 30-я гг мінулага стагоддзя. Гэты крыж таксама плыў па вадзе, быў увесь у твані. Іван нікому не паказаў сваю находку, добра разумеючы што нічога добрага з гэтага не атрымаецца (пуцёўка ў Сібір, Казахстан і падобныя месцы), а закапаў каля могілак. Вось гэты крыж быццам і пачаў расці (прыблізна ў 1956-1958 гг). Спачатку на яго ніхто не звяртаў увагі, пакуль не з’явілася так званая перакладзіна (крылы крыжа). Сёння лічыцца, што гэты крыж – “сын” вялікіх тураўскіх крыжоў, здаецца, ён нават выраблены з таго ж матэрыялу.
Дык вось са з’яўленнем гэтага крыжа ў 1997 годзе (менавіта ў гэтым годзе над зямлёй з’явілася частка правага крыла, і стала відавочна, што гэта іменна крыж) і пачаліся дзівосы. Спачатку, праўда, было меркаванне, што гэта “зямля выціскае” рэшткі старога могільніка. Але, па-першае, ён расце не толькі ўвышыню, але і ўшыркі (у 2004 годзе шырыня складала 28 см, у 2007 – 34, у 2009 – 35,5см На сённяшні дзень крыж ушыркі не расце, а толькі паступова выходзіць з зямлі). Ды і абрысы крыжа не стасуюцца з традыцыйнымі: ён не сіметрычны і мае плаўныя грані. Па-другое, крыж заўсёды цёплы, у 2001 годзе вакол яго нават назіралася раставанне снегу пры навакольнай тэмпературы 10-15 ніжэй нуля. Па-трэцяе, на камяні час ад часу ўзнікаюць малюнкі: то кветкі з пяццю пялёсткамі, якіх і ў прыродзе не існуе, то анёлы, то людзі ў манаскім адзенні, то абрысы яшчэ аднаго крыжа.
Даследаваць крыж прыязджалі геолагі, фізікі, уфолагі – фатаграфавалі, вымяралі, бралі пароду для аналізу. Але навуковага тлумачэння феномена ніхто так і не даў. Былі спробы звязаць рост крыжа з наступствамі радыяцыі, але і гэта версія не вытрымлівае крытыкі, таму што Тураў – так званая “чыстая” зона. Народныя ўяўленні пра такія незвычайныя здольнасці камня, як расці і нават хадзіць, прасочваюцца яшчэ з часоў каменнага веку. Паводле пазнейшых легенд, у часы, калі Бог ці Божая Маці хадзілі па зямлі, камяні вырасталі памерамі з хату, але пасля таго, як Бог збіў нагу аб камень і пракляў іх, яны перасталі расці, ці “растуць, але памалу”. А тое, што культавыя камяні дапапамагаюць хворым людзям, такіх паданняў незлічоная колькасць. Нават і цяпер у некаторых раёнах Беларусі можна сустрэць камяні, якім пакланяюцца з пракаветных часоў, прыносяць ахвяры ў выглядзе грошай, лекуюцца імі. Якім чынам? Па-рознаму: збіраюць ваду з паглыбенняў на камені ці саскрабаюць з яго кавалкі і з’ядаюць, як з крыжа ў Пагосце. Дык можа, тураўскія крыжы былі зроблены з культавых камянёў у часы хрысціянства і таму захаваліся ранейшыя вераванні пра іх?
Але справа ў тым, што ні ў самым Тураве, ні ў яго наваколлі нідзе і ніколі не было ніводнага камня, ні вялікага, ні малога. Ландшафт такі. А калі і трапляюцца часам, то вельмі дробныя і зусім іншага складу. Таму з’яўленне каменных крыжоў на Тураўская зямлі скептыкі тлумачаць вельмі проста: іх прывезлі і ўстанавілі на пачатку хрысціянства для ўмацавання і пашырэння новай веры сярод мясцовага насельніцтва.
Тое, што крыжы з’явіліся падчас хрысціянізацыі, пацвярджаецца той жа легендай пра іх узнікненне. Памятаеце, у ёй гаворыцца, што прыплылі яны з Кіева, цэнтра, адкуль распаўсюджвалася хрышчэнне Старажытнай Русі. А другая частка легенды, якая распавядае пра крывавую ваду ў рацэ пасля таго, як з яе выцягнулі крыжы, — напамін пра тое, што хрысціянізацыя праводзілася гвалтоўна і пад прымусам. Вядома, што князь Уладзімір праводзіў хрысціянізацыю ў Кіеве з дапамогай мяча і агню. Яго верныя ваеннаначальнікі Дабрыня і Пуцята чынілі тое самае ў старажытным Ноўгарадзе. Думаецца, што падобнае адбывалася і ў старадаўнім Тураве. Тым больш, на думку шматлікіх навукоўцаў (П. Лысенка, напрыклад), у X - XI стст Тураў быў другім па значнасці пасля Кіева горадам на Русі.
Многія падказкі дае нам Біблія. Здавалася б, што робяць каменныя крыжы, свайго рода паганскія сімвалы, у праваслаўнай царкве, на праваслаўных могілках? Але, як гаворыць Біблія, менавіта з каменя Хрыстос узняўся ў неба. А яшчэ, памятаеце, крыжоў прыплыло роўна 12, якраз па колькасці апосталаў. А калі ўспомніць малюнкі, што з’яўляюцца час ад часу на крыжы, то часцей за ўсё бачылі кветку з пяццю пялёсткамі. Чаму пяццю? Праваслаўныя звязваюць гэту колькасць з ранамі на целе Хрыста, якіх таксама было пяць.
Паводле легенд, тураўскія крыжы лекавыя: здымаюць галаўны боль, нармалізуюць артэрыяльны ціск, ахоўваюць ад хвароб і здольныя паставіць на ногі нават цяжка хворых.